У раёне завершана жніво!
Паводле інфармацыі райкама прафсаюза работнікаў АПК па стане на раніцу 15 жніўня 23 вадзіцелі перавезлі ад камбайнаў больш за 1000 тон збожжа кожны, з іх 15 – больш за 2000 тон, у тым ліку 9 – больш за 3000 тон, 4 – больш за 4000 тон. Абсалютным лідарам на адвозцы ўраджаю стаў Дзмітрый Мендзелеў з КСУП «Ніва-Барсукі», які перавёз 4846 тон збожжа.
Сярод збожжаўборачных экіпажаў лідзіруе рассветавец Андрэй Дрозд, на рахунку якога 3039,4 тоны намалочанага збожжа. Усяго з 58 экіпажаў больш за 1000 тон – на рахунку 40 экіпажаў, з іх у 7 – больш за 2000 тон, у тым ліку ў аднаго – больш за 3000 тон.
Хлебаробы Кіраўшчыны паспяхова справіліся з уборкай ураджаю і зараз дапамагаюць сваім калегам з Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў, дзе ўборачная кампанія яшчэ працягваецца. 5 збожжаўборачных экіпажаў з ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» і «Дабаснянскае», КСУП «Жылічы» і «Чырвоны баец», СВК філіял «Бераснёўскі» працуюць у гаспадарках названых раёнаў, каб без страт убраць вырашчаны на Магілёўшчыне ўраджай і захаваць вынікі агульнай працы.
Такая ўзаемадапамога ў гарачую пару ўборачнай страды вельмі важная. Яна дазваляе падтрымаць іншых, своечасова завяршыць уборку і забяспечыць харчовую стабільнасць рэгіёну. Для хлебаробаў нашага раёна дапамога іншым гаспадаркам стала працягам іх напружанай працы.